Каб агменьчык у сэрцах не згас…

22.05.2019

   Літаратурная гасцёўня “Каб агменьчык у сэрцах не згас…”  стала значнай падзеяй мінулага тыдня для вучняў і настаўнікаў Плешчыцкай сярэдняй школы. Запрошаны былі   на  сустрэчу прадстаўнікі аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама і творчая група настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна. Усім удзельнікам выпаў гонар сустрэцца і пагутарыць са знакамітай паэтэсай, нашай зямлячкай Марыяй Уладзіміраўнай Кобец.

   “Сэрцам гарачым” любіць Марыя Кобец свой край, сваіх землякоў – так сімвалічна  і  была названа кніжная выстава па творчасці нашай зямлячкі. Вельмі кранула ўсіх прэзентацыя па творчасці Марыі Уладзіміраўны “Пад крылaмі аблокаў палескі мой край”. З пачуццём вялікай любові да свайго роднага  Палесся і беларускай мовы прачыталі вершы Жураўлёў Арцём і Шпакоўская Ніка. Моцук Анастасія падрыхтавала вершы, у якіх Марыя Кобец вучыць маладое пакаленне  любіць і паважаць  сям’ю і бацькоў, шанаваць свае карані.   Пяшчота і сардэчная прачуласць гучала ў вытанчаных радках пра каханне, якія падрыхтавалі вучні 11класа Гайкевіч Ангеліна, Каліноўская Яна, Юха Ганна, Мельнік Вадзім. У выкананні Палюховіч Насці, Шчаснай Яны і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Есько В.Р. прагучала песня на верш Марыі Кобец “А бэз даўно ужо адцвіў”. І ў ролі кампазітара выступілі самі дзеці.

   Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных сталі вершы ў выкананні самой паэткі.  У яе радках, шчырых, кранальных, усе адчулі вялікую любоў да сваёй малой радзімы, гонар за родную мову.

   Марыя Уладзіміраўна  прадставіла свой літаратурны праект «Пад адным сонцам». І загучаў верш «Сонца»  на розных мовах свету, паказваючы моўнае багацце краін і народнасцей,  спрабуючы аб’яднаць людзей усяго свету. Пошукам агульначалавечага шчасця пранізаны радкі верша.

   Напрыканцы сустрэчы дырэктар школы Дубінецкі М.Л. адзначыў, што прыкладам свайго асабістага жыцця і сваёй творчасцю вучыць  маладое пакаленне Марыя  Уладзіміраўна  жыць паўнавартасным змястоўным жыццём, берагчы сваю родную мову, паважаць бацькоў, сваю сям’ю.  Рабіць толькі дабро, несці людзям любоў і спагаду, быць карысным для іх.  Умець запаліць агменьчык, у душах тых, хто абяссілеў…

Вучні Плешчыцкай сярэдняй школы