Гордимся нашими учениками!

11.01.2018

   26 і 27 снежня ў Мінску праходзіла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Тапанімічныя даследванні як сродак далучэння навучэнцаў да пошукава-даследчай краязнаўчай дзейнасці”. Краязнаўцы аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”, што працуе на базе нашай школы, атрымалі магчымасць прадставіць сваю даследчую работу “Тапанімічны комплекс аграгарадка Плешчыцы і яго ваколіц”, матэрыял для якой збіраўся гурткоўцамі з 2006 г.

   У рабоце апісаны і сістэматызаваны больш за 120 назваў урочышчаў, былых хутароў, паш, сенажацяў і вадаёмаў ваколіц Плешчыц, а таксама мікрараёнаў, вуліц і назваў-арыенціраў населенага пункту. Юныя краязнаўцы змаглі не толькі сабраць аб іх звесткі ў старажылаў вёскі, але і нанесці назвы на карты, класіфікаваць, растлумачыць іх значэнне і паходжанне. Асабліва каштоўна даследванне тым, што ў ходзе пошукаў быў устаноўлены больш ранні дакументальны ўспамін пра Плешчыцы ў 1552 г. у “Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў”, складзенай пінскім старастай Хвальчэўскім. У гэтым жа дакуменце сустракаюцца некаторыя тапанімічныя назвы ваколіц Плешчыц, якія захаваліся да нашага часу.

   Раней гэта даследванне атрымала дыпломы першай ступені на раённым і абласным этапах конкурсу ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

   На рэспубліканскім этапе ўдзельнічалі 36 работ з усёй Беларусі. Іх абарона праходзіла ў Цэнтры даследваня беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Наша даследванне абараняла вучаніца 10 кл. Каліноўская Яна. Яна змагла пераканаць журы ў тым, што яно сапраўды цікавае і ўнікальнае. Адказваючы на пытанні навукоўцаў, Яна паказала сваю кампетэнтнасць у галіне краязнаўства і тапаніміі. У выніку даследчая работа заняла другое месца.

   Падчас канферэнцыі навучэнцы сталі ўдзельнікамі цікавай абзорнай экскурсіі па вячэрняму Мінску, пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, этнаграфічным музеі акадэміі навук.