Тыдзень пачатковых класаў "Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына..."

18.02.2023

Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
дарагая Беларусь!...
П. Броўка

З 13 па 18 лютага прайшоў тыдзень пачатковых класаў "Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына..." У рамках тыдня кожны класны калектыў падрыхтаваў мерапрыемства. 

У 1А класе адбылося віртуальнае падарожжа пад назвай “Як жылі нашы продкі”. Навучэнцы пазнаёміліся з побытам і традыцыямі вяскоўцаў у пачатку мінулага стагоддзя, мясцовымі народнымі рамёствамі. Вынікам падарожжа стала выстава фотаздымкаў прылад і прадметаў побыту, якімі карысталіся нашы продкі.

У 2 класе прайшоў конкурс малюнкаў " Зямля пад белымі крыламі".

Вучні 3 класа на працягу тыдня праходзілі квэст "Збяры ў сваім сэрцы Беларусь". Кожны з шасці этапаў гульні паглыбляў веды дзяцей пра Беларусь: назвы гарадоў, замкі, нацыянальнае адзенне, рэкі Беларусі, гістарычныя падзеі, прыказкі і прымаўкі. Хочацца адзначыць, што правільна адказаць на многія пытанні дапамаглі веды, набытыя падчас экскурсій у Ружанскі, Косаўскі палацы, Мірскі замак.

На кожным этапе камандам "Буслікі" і "Беларусачкі" ўручаліся часткі пазлаў, якія на заключным этапе квэсту былі сабраны. "Буслікі" склалі карту Беларусі, а "Беларусачкі" - кветачку "Патрыятызм".

У 4 класе ў рамках тыдня пачатковых класаў "Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына..." прайшла квэст-гульня "Мая Беларусь". Каманды "Каласок" і " Буслік" выканалі заданні 6 этапаў гульні: "Беларусь-любоў мая", "Гарады Беларусі", "Гістарычныя помнікі", "Родная старонка", "Родная мова", "Смак беларускай кухні". Удзельнікі гульні расказалі пра беларускія сувеніры: кнігі, буклеты, беларускія лялькі, гліняны посуд, свістулькі, драўляныя сувеніры, званочкі, магніты, якія набылі падчас экскурсій па цудоўных мясцінах Беларусі.

У групе падоўжанага дня прайшоў конкурс вершаў "Беларусь сінявокая".

Тыдзень атрымаўся цікавым і пазнавальным. А вывучаць родную зямлю вучні пачатковых класаў будуць працягваць і далей.